СЯМ’Я́ МОЎ,
групоўка моў, якія ўтварыліся ў выніку бесперапыннай, але неаднолькавай на розных тэрыторыях эвалюцыі адной агульнай прамовы. С.м. лічаць індаеўрапейскія, іберыйска-каўказскія, фіна-угорскія, цюркскія, семіцкія групоўкі моў (пра кожную гл. асобны арт.). Мовы, што ўваходзяць у адну С.м., лічацца роднаснымі (гл. Роднасць моў). Па ўнутр. іерархічнай структуры С.м. можа быць адна- ці шматступеннай у залежнасці ад таго, ці існавалі на шляху эвалюцыі больш прыватныя, прамежкавыя прамовы. Напр., раманскія мовы адносяцца да першага тыпу, бо бяруць пачатак ад нар. латыні; славянскія — да другога, паколькі паміж правасл. і сучаснымі слав. мовамі існавалі прамовы зах.-слав., усх.-слав., паўд.-славянская. Групоўка моў можа быць аднесена да С.м., калі паміж адзінкамі іх сістэм (фанем, марфем і інш.) назіраюцца рэгулярныя суадпаведнасці. Пошукамі такіх суадпаведнасцей займаецца параўнальна-гістарычнае мовазнаўства. Гл. таксама Класіфікацыя моў, Мовы свету.
Літ.:
Сравнительно-историческое изучение языков разных семей. М., 1981.
А.Я.Міхневіч.
т. 15, с. 349
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)